Патрэбна смеласць, каб трымацца за думку пра нязгаснае сонца

Іржарка

Шкляныя пяльчаткі шаргаталі па металічнай трубцы ў рытм рыпення метэавышкі. Іржарка падняла галаву ўверх і паглядзела на канструкцыю. Да пляцоўкі з апаратурай заставалася каля пятнаццаці метраў. Бліжэй за пяць падыходзіць было нельга, яшчэ на пяці сваю працу зробіць салёны брудны вецер, які на вышыні адчуваўся значна больш магутным, чым унізе. І яшчэ пяць трэба было апрацаваць.

Трымаючыся левай рукой за трубу, Іржарка рыўком скінула абразіўную крагу ўніз, і тая павісла на шыі на рамяні з лахманаў грубай тканіны. Рэсурс крагі не бясконцы: нельга марнаваць шаравальную паверхню на тое, каб проста пералезці вышэй. Іржарка перахапілася рукой брудна-памаранчовага колеру за вертыкальную трубу, крыху падцягнулася, закінула нагу і амаль бязважкім і бясшумным рухам перабралася на адзін узровень вышэй.

Узроўнямі гэта можна было назвать з істотнай доляй умоўнасці: канструкцыя задумвалася, як лёгказбіральная, модульная, цалкам складзеная з аднолькавай даўжыні вугляродзістасталёвых трубак. Але чым менш у гаспадароў пэўнай вышкі было задач на яе, тым далей вышка выглядала ад свайго тэарытычнага прататыпу. Кавалкі паламаных трубак, сумнёўная якасць злучэнняў, чужародныя элементы, якія дакладна ўзялі са складу “бо было” — зразумела, што на верхняй пляцоўцы не будзе ўсталявана нават прамой сувязі з метэацэнтрам. Толькі самыя простыя перадатчыкі і некалькі сэнсараў: анемометры, градуснікі, барометры, цэламетры і магчыма плювіёграфы.

Пад нагамі было каля дваццаці метраў металёвых трубах і малых пляцовачак для адпачынку абслугоўваючага персаналу. Ніхто дакладна не плянаваў тут адпачываць, але для праверкі і наладжвання метэавышак такой якасці звычайна прыязджалі вельмі сталыя спецыялісты, якім было складана ўвогуле залезці наверх, не кажучы пра тое, каб зрабіць гэта без перапынку.

Іржарка ігнаравала сходы, прымацаваныя да адной з трох асноўных труб. Як невялікі чорна-памаранчовы і вельмі худы павук, яна мякка забіралася вышэй і вышэй, бо пачула гудзенне паскорыўшагася ветру. Звычайка Іржарка працавала знізу ўверх, але невыносная спякота паліла скуру, а гук ветру абяцаў палягчэнне.

Дабраўшыся да самай мяжы пяціметровай зоны забароны, Іржарка пераканалася, што крэпка стаіць дзвюма нагамі, рукі перакінула праз трубу на ўзроўні грудзей і лёгка павісла на ёй падпахамі, даючы паслабленне цягліцам спіны. Цела крыху заныла — месцамі нават прыемна — а вочы падняліся вышэй і глядзелі ў неба.

На небе амаль не было аблокаў. У такія дні жыхары бязмежжаў дзяліліся на два лагеры: першыя радаваліся чыстаму паветру с салёным смакам, другія скардзіліся на спёку і казалі, што лепей б дыхалі вулканамі, але не баяліся б запекчыся за адну залішнюю хвіліну пад небам.

Іржарка любіла, калі ёсць аблокі. Не толькі з-за спёкі: вугальна-попелавыя плямы з’яўляліся раптоўна, заўжды былі рознымі і адляталі ў адны і тыя ж бакі. Праваджаючы вачыма адно з іх, Іржарка адчувала нешта, што не магла патлумачыць нават самой сабе, хаця ніколі і не намагалася. Чорныя з ірванымі краямі аблокі змешваліся адно з адным, падымаліся вышэй і ўляталі за горы. Іржарцы падабалася, што ім ёсць куды ляцець. Іржарцы падабалася, што іх палёт недзе спыніцца.

Апошнія пяць метраў скончыліся хутка. Зараз трэба было толькі мякка пашкодзіць светлы цынкавы слой, каб салёнае паветра і час зрабілі сваю справу. Сапраўдная праца пачнецца пазней. Павольна рухаючыся, Іржарка сцякла па трубах і падышла да сваёй невялічкай сховы. Паклала разасланы на зямлі кавалак брэзенту крагу, акуляры, шалом-балаклаву з таннай тканіны, бутэльку з бруднай вадой. Адным рухам сцягнула брэзент у торбу і зацягнула тонкімі рамянямі, якія праходзілі праз люверсы па краях кавалку. Нязграбна закінула заплечнік за спіну і пайшла ў бок скал.

Метэазонды ўсталёўвалі так, каб толькі верхняя пляцоўка з абсталяваннем выглядала з-за складак мясцовасці. Цела вышкі намагаліся схаваць: у гарах, разбураных будынках, разрабаваных закінутых вытворчасцях і рэштках лясоў. Гэта абараняла таннае жалеза ад агрэсіўнага асяроддзя і “паразітаў” кшталту Іржаркі, але абараняла не надзейна. Вось і зараз вышка была ўсталявана на невялікім плато сярод скалістай пароды, і, нібыта саромячыся, глядзела ў бок бліжэйшага Шнару, які быў прыкладна ў трыццаці кіламетрах на паўночны захад адсюль.

Іржарка ледзь праціснулася праз вузкія праходы (і як толькі сюды заносілі гэтыя трубы?) і пачала спускацца па каменнаму адвесу, намагаючыся не шумець і не выклікаць нават невялічкага камнеспаду. На адным са спускаў яна на паўхвіліны затрымалася паміж трох прыкметных валуноў і хутка працягнула шлях уніз. На правым сцягне з’явіўся скураны капшук.

Каб упэўнена рухацца па бязмежжам, трэба мець навігацыйнае абсталяванне, надзейную мапу, правадніка. Ці трэба ўсё жыццё правесці на гэтах шэра-карычневых прасторах, шукаючы і хаваючыся. Іржарка хадзіла мясцовымі дарогамі тысячы разоў за апошнія гады, але ўсё роўна пільна аглядала наваколле, неба, горныя пікі, закінутыя будынкі і канструкцыі. Ці не з’явілася нешта, чаго не было ўчора? Ці не знікла нешта, што ўчора было?

Іржарка спусцілася па сцежцы ўніз, павярнула направа. Паселішча рытмічна гудзела ўдарамі па металу, шаргатаннем абразіваў, гудзеннем генератара і рэдкім гоманам спрачаючыхся людзей. Стомленыя вочы ўжо не глядзелі вакол, апусціўшыся на ўзровень наступнага кроку. Некалькі хвілін — Іржарка, прыгінаючыся, ўваходзіць у памяшканне-будку, дзе крутыя сходы вядуць рэзка ўніз. Цела незадаволена заныла: сёння яно ўжо не хацела кудысьці карабкацца, яно патрабавала адпачынак.

Вузкі калідор, рэзкі паварот налева. Нават з аўтаматычнай зброяй у руках захапіць гэтую будку было б складана — павярнуцца ў гэтым праходзе амаль немагчыма. Раптоўны вялікі пакой з нізкай столлю. Мяхі, скрыні, тканіна, соль, іржа, марганец, руды, мяса грыфаў, вяроўкі, жалеза, акумулятары. Усё бязмежжа пахла так, але ў прыёмных пунктах пахі канцэнтраваліся і упершыню трапіўшы туды ты ўжо ніколі не пераставаў адчуваць гэты смурод ад сябе.

На скрынях сядзеў хабаршчык, які амаль не павярнуў галавы ў бок Іржаркі.

- Шкло?

Незацікаўлены ківок галавы.

- За шкло ўдвая менш.

Іржарка ведала. Хабаршчык ведаў, што яна ведала. І кожны чалавек у паселішчы, які нешта цягнуў сюды, ведаў і пра шкло, і пра іншыя каэфіцыенты, па якіх кошт твайго рэсурсу ляцеў уніз. Але кожны раз хабаршчык удакладняў: “Шкло?” — і Іржарка кожны раз ківала яму, бязвольна працягваючы капшук.

Хабаршчык паклаў капшук на стол, развязаў яго, узяў металічную міску і акуратным, упэўненым рухам ссыпаў у яе іржу. Узяў тонкі ліст ці то пластыку, ці то плотнага картону і плённа счысціў рэшткі іржы з брэзентавай унутранай паверхні капшуку. Узяў у рукі міску і пайшоў углыб памяшкання. Яго не было з хвіліну: павярнуўшыся, ён цягнуў з сабой вялікі чорна-карычневы пласт сушонага мяса, значна большы, чым звычайна. Можна было б падумаць, што хабаршчык пажартаваў наконт паловы, але Іржарка ведала: калі кавалак мяса выглядае вялікім, то ён будзе ўдвая тоньшы за звычайны. А значыць, і яшчэ больш цвёрды. А яшчэ Іржарка ведала, што хабаршчык ніколі не жартаваў.

Ён паклаў мяса на разгорнуты капшук і сеў на скрыню, зноў разгарнуўшы пабіты сшытак. Іржарка забрала кавалак мяса, які сапраўды адчуваўся значна больш цвёрдым, чым звычайна, зграбла капшук і пайшла да выхаду.

Спёка стамляе. За сёння Іржарка толькі двойчы глядзела на аблокі. Не тое, каб нехта прымушаў працаваць без перапынку, але пад палячым сонцам без ветру няма сэнсу адпачываць: сядзенне ў духоцці ніяк не аднаўляе энергію, ты проста адцягваеш момант, калі праца будзе скончана.

Невялікі дом, арганізаваны ўнутры і вакол прастрэлянага нечым буйнакаліберным марскога кантэйнера, стаяў у шэрагу такіх жа дамоў. Іржарка прайшла ў цесную хату, бяздумна пераступіўшы скрутак брэзенту ў дзвярах. Заплечнік лёг у кут, мяса лягло на стол. На тым жа стале стаяў пластыкавы кантэйнер, напалову запоўнены празрыстай вадой. Іржарка набрала вады жалезным кубкам і павольна, атрымліваючы асалоду ад кожнага глытка, выпіла яго. Прапушчаная праз некалькі фільтраў вада была значна чысцейшай за тую брудную вадкасць, якую Іржарка цягала па бязмежжам ў падрапанай бутэльцы. Першы глыток чыстай вады напрыканцы дню ставіў у ім кропку, праца будзе толькі заўтра.

Прыціснуўшы левай рукой мяса да стала, Іржарка паспрабавала адарваць невялікі кавалак ад чорна-карычневага салёнага пласту. Гэта было клшталту намагання парваць жалезны ліст голымі рукамі. Яна знайшла, дзе валокны грыфавага мяса былі крыху раздрапанымі, ўчапілася за невялічкі ласкут і ўпёршыся каленам у астатні кавалак пацягнула мяса на сябе. Валокны павольна разышліся і Іржарка засталася з доўгай стужкай салёнага мяса ў руках. Апусціўшы локці на стол і павесіўшы галаву, Іржарка пачала раздзяляць стужку на зусім тонкія валокны, якія можна было жаваць без рызыку страціць зубы.

Ласкут мяса, глыток вады. Ласкут мяса. Глыток вады. Гэта была гонка за хвастом: вада прыбівала смак солі і змучаны арганізм адразу ж хацеў новы кавалак; мяса было насколькі прасолена, что не запіць яго было немагчыма.

Праз некалькі хвілін Іржарка паглядзела на брэзент, што ляжаў у дзвярах. Зрабіла глыток, зноў упёрлася каленам і адарвала яшчэ адзін кавалак, адразу пачаўшы раздзяляць яго на тонкія стужкі. Набраўшы купу такіх стужак, Іржарка зачарпнула кубак вады і пайшла ў іншы бок кантэйнера-хаты. За скрынямі, дошкамі, кавалкамі металу, тканінай і смеццем былі зладжаны ложакі, шесць штук. Тонкай пластыкавай перагародкай ад іх быў адзелены сёмы ложак, на якім ляжаў бледны худы хлопец.

Яго ціхае дыханне амаль не перарвалася, калі з ціхім стукам кубак чыстай вады стаў побач з яго галавой. Ён амаль не адрэагаваў, калі салёны водар мяса грыфа ўдарыў у нос. Але па мікрарухах, па дыханню і яшчэ па нечым, што Іржарка таксама не змагла б растлумачыць, яна зразумела, што худы пачуў яе.

*

Худыя чорна-памаранчавыя павукі ціха поўзалі па метэавышцы, якая стаяла на пагорку каля спаленага лесу. Метэаслужбы рэдка дазваляюць сабе ставіць абсталяванне на адкрытых участках, але апошні тыдзень з боку Шнару ляцела ўсё больш і больш чорных аблокаў і горад не валодаў часам, каб зрабіць нармалёвую выведку і таямніча паставіць абсталяванне. Дэ-юра для абароны вышак заўжды наймалі ахаронныя службы, дэ-факта тыя прыязджалі ў бязмежжа раз на некалькі содняў, каб намінальна пацвердзіць баявую прысутнасць на аб’екце.

Спёка была цяжкім выпрабаваннем для тых, хто лазіў па некалі ацынкаваных металічных трубах. Але менавіта спёка рабіла магчымым гэтыя лазанкі, бо без ценю і гарадскога кандыцыянавання знікала і жывая ахрана вышак; аўтаматыка для такога абсталяванна была занадта дарагой. Спёка знішчала ўсіх аднолькава: перамагалі тыя, хто здольны быў трымаць гэты ўдар.

Шаргатанне абразіўных пяльчатак было рытмічным. Нягласнае інтуітыўнае правіла прымушала іржакоў і іржарак пачынаць працаваць пад рытм ужо працуючага. Калі ты чуеш пранікнёны скрыгат дзесяці нерытмічных абразіваў, гэта раздражняе, стамляе, запавольвае час працы. Шаргатаць у рытм было лягчэй. Часам гэта нагадвала дзіўную метыдацыю кшталту тых, што практыкуюць розныя духоўныя кавенанты. І наўрадці нехта з іржакоў не адчуваў нейкага сапраўднага яднання ў гэтыя моманты, змяшанага з паўтрансавым станам.

Закінуўны падпахі на трубу, Іржарка глядзела на рэдкія аблокі. Калі побач працавалі людзі, плямы пачыналі выглядаць больш жорстка, вуглы рабіліся больш вострымі, нават хуткасць, з якой аблокі ўляталі за горныя хрыбты, павялічвалася. Плямы больш не нагадвалі натхнённых падарожнікаў: гэта былі суворыя, манахромныя працаўнікі, якія рытмічна адляталі на ўсход па сваіх манахромных працоўных справах.

Лёгкі звон падошвы аб метал, глухі ўдар. Іржарка перавяла зацянутыя думкамі вочы ўніз. На шэра-бурай зямлі ляжаў чалавек у балаклаве з памаранчовымі рукамі. Здаецца, ён зваліўся з другога-трэцяга ўзроўню — не вельмі высока, але дастаткова, каб ляжаць без здольнасці ўцягнуць у грудзі паветра. Яго абрывістыя спробы зрабіць удых, здаецца, зліваліся з рытмам працоўных рук: магчыма, звычка зрабіла сваю справу, а магчыма ўсё вакол Іржаркі зараз існавала ў адным бязлітасным і медытатыўным рытму.

У невялікім намёце каля вышкі сядзеў сталы іржак, вакол яго былі раскладзеныя абразіўныя пяльчаткі рознага ўзроўню пашкоджання. Яго нельга было сустрэць на трубах, але ён заўжды прысутнічаў там, дзе на сваё жніво збіраліся іржакі. Частка пяльчатак вакол яго ляжала на сонцы і блішчэла свежанамазанай клеявой паверхняй, частка астывала (хіба можна астыць на такой спёке?!) у ценю намёта. Вакол сталага іржака стаялі банкі, ляжалі капшукі, мяхі, інструменты.

З паўхвіліны сталы слухаў няўдалыя спробы зрабіць удых. Не паднімаючы вачэй, сінхронна з чарговым хрыпам, мяккім рухам устаў на ногі і падышоў да ападку і прысеў каля яго на кукішкі, каб лепей чуць стогны. Некалькі секунд паразважаў аб нечым, сам сабе аб чымсьці кіўнуў і павярнуўся да свайго намёту. Праз некалькі хвілін хрып змяніўся цяжкім дыханнем, цяжкае дыханне паступова стала больш павольным. Іржак-ападак з ціхім стонам павярнуўся на бок, потым на грудзі, адціснуўся ад зямлі і стаў на калені. Сталы падняўся і пайшоў да ападку, трымаючы нешта ў руках. Але Іржарка не бачыла, чым займаліся гэтыя двое. Стары іржак яшчэ не паспеў падняцца на ногі, як яна павярнулся да працы: адпачынак скончыўся, бо стаяць пад пякучым сонцам стала больш невыносна, чым працаваць пад ім.

*

Іржакі чорна-памаранчовай няшчыльнай плынню ішлі на захад, нібыта даганяючы сонца. Тое паліла ўжо не так няшчадна і пры жаданні можна было падставіць яму брудны твар, каб пазмагацца за тое, хто з вас больш памаранчовы.

Але жадання не было. Іржарка трымала ў руцэ капшук: праз нейкі час пасля іржака-ападку на зямлю ўпаў і маленькі брэзентава-скураны мяшок. Іржарка не заўважыла, як развязаўся шнур на сцягне, і толькі паспела адчуць, як нешта слізганула па наге. Грубы парашок іржы ўзляцеў воблакам і асеў вакол капшука памаранчовай плямай. Калі б Іржарка працавала добрымі пяльчаткамі з трывалага абразіву, можна было б сабраць гэтую іржу разам з пяском і здаць хабаршчыку, як брудную. Але іржа ўжо была са шклом з танных пяльчатак і змешваць яе яшчэ і з пяском азначала не атрымаць нават неаобходанага на вечар і заўтрашні дзень кавалку мяса, не кажучы пра астатнія рэсурсы. Якія былі запланаваныя, іранічна, менавіта на новыя пяльчаткі для метэавышкі на ў гарах.

З’яўленне метэавышкі на пагорку каля спаленага лесу падарыла надзею палепшыць свой інструмент да моманту, калі саспее вышка на плато ў гарах. Апалы капшук змяніў гэтыя планы і пад пэўны дзень, калі можна будзе збіраць іржу, Іржарка ўжо не паспявала. Была надзея, што вышку не знойдуць (яна сапраўды была добра схаваная і нават сама Іржарка сустрэла яе з зусім выпадковай нагоды), але думка на гэты конт нікуды не знікала. Канешне, можна было б працаваць з ей у звычайных шкляных пяльчатках, але гэта і падаўжала час працы, і шкада было сапсаваць столькі каштоўнай іржы.

Цалкам механічна Іржарка хутка дайшла да паселішча. Праз гудзенне думак прабіўся вісклівы голас:

- Значыць, варта было адцягнуць яе ў горы і сядзець там тыдзень, чаму мне трэба цярпець з твайго жабрацтва!

Непрыемны голас належыў чалавеку, што адзіны на паселішча рабіў фільтры для вады.

- Ты мог мне дапамагчы і зараз пытання ўвогуле не было б!

Гэты голас быў больш нізкім, стомленым і ціхім, але ў ім дакладна чуліся адчай і злоба.

- Я не абавязаны дапамагаць кожнаму! Смурод стаіць такі, што вочы вылязаюць, а я раблю фільтры! Хто з паселішча захоча гэтыя фільтры, калі там гніе твая жабрачка?!

Такое здаралася раз на некалькі месяцаў. Чарговы чалавек не здолеў набыць брэзент для свайго нябожчыка і проста паклаў яго на могілках, прыкрыўшы лахманамі тканіны ад грыфаў. Закапваць нябожчыкаў у зямлю было нягласна забаронена, а дровы для крэмацыі чалавека каштавалі як рацыён аднаго чалавека дзён на 10.

Смурод гніення адчуваўся здалёк.

- Ані ты, ані хабаршчык не далі мне аніводнага кавалку, хаця ведалі, да чаго гэта прывядзе! Я кожнага разу аддаю даўгі, але менавіта зараз вы абодва зашнарыліся, менавіта зараз вы вырашылі пагуляцца ў Гандлёвы Кавенант Які Жыве Па Правілах Рынку! Вось, адчуй свае правілы рынку, сука, атрымлівай асалоду!

Візглівы голас яшчэ нешта адказваў сыходзячай фігуры, але Іржарка ўжо спускалася па вузкіх сходах будкі хабаршчыка. Можна было б недзе заняць пяльчаткі, але прыйдзецца ісці ці да хабаршчыка, што не вабіла, ці да кагосьці са сталых іржакоў ці пальчатачнікаў і прасіць не задаваць пытанні. Але сам факт, што Іржарцы спатрэбіліся новыя добрыя пяльчаткі і яна прыйшла за імі ў час без сведкаў, ужо б выклікаў пытанні і для працы з вышкай на плато ў гарах у Іржаркі хутка б з’явілася кампанія. Так, шкло. Кавалак мяса не такі тонкі як учора, файна. Можна паспрабаваць і скрасці, але кошт памылкі занадта высокі, адна звычайная метэавышка таго не вартая. Самой зрабіць ужо дакладна не паспець, ды і мінулая спроба была няўдалай, а на памылкі няма часу. Ай.

Паціраючы прышыблены аб нізкую столю лоб, Іржарка пасунулуся ў бок Мацярынскай Платы. Так людзі звалі район міжгор’я, у якім хаатычна стаялі іх марскія дамы-кантэйнеры: здалёк роўная пляцоўка і квадратныя боксы на ёй нагадвалі кампаненты на мацярынскай плаце. Хаця няшмат хто з жыхароў паселішча сам бачыў мацярынскую плату, асабліва сучаную.

Іржарка пераступіла парог, прайшла да бутылю з вадой. Кропка сённяшняму дню стала комам у горле, спатыкнуўшыся ад натоўп думак, якія літаральная сыпаліся з галавы. Можа, усё ж такі скрасці? А потым павярнуць, таксама незаўважна? Ці ўсё ж такі спрабаваць зрабіць самой? На клей зараз не хопіць, можна паспрабаваць пазычыць клей і гэта будзе больш танна, чым зычыць пяльчаткі.

Праз дзверы зайшоў высокі мужчына ў камбенізоне з сіняй тканіны з разінавымі налепкамі на сцёгнах. Зняўшы с пляча тонкі скрутак брэзенту, ён кінуў яго на падлогу, побач паклаў малаток і некалькі няроўных цвікоў-калоў з цёмнага жалеза.

- Яшчэ на аднаго хопіць.

У некалькі крокаў, крыху прыгінаючы галаву, мужчына прайшоў да стала, наліў кубак вады і адным глытком праглынуў яго.

- За лесам мы бачылі карпаратыўныя караваны. З Шнару ідзе шмат аблокаў, напэўна паехалі ставіць абсталяванне. З ахаронай, але ім дакладна не хопіць вачэй на ўсе пагоркі. Намаляваць кропкі?

Іржарка кіўнула, моўчкі седзячы на пустой катушцы з-пад валаконнага кабелю і глядзячы наскрозь сцяны. Брудныя сківіцы жавалі жорсткае мяса.

- Гэта былі добрыя навіны. Засталася дрэнная.

Іржарка падняла вочы на мужчыну ў камбенізоне.

- Я думаю, што хутка будзе арганізаваная менка.